ІНВЕСТЫЦЫ́ЙНЫ ІНСТЫТУ́Т,
арганізацыя або ўстанова (кампанія, фонд, карпарацыя і інш.), якая займаецца пасрэдніцкай або кансультатыўнай дзейнасцю на рынку каштоўных папер. Заснавальнікамі І.і. могуць быць юрыд. і фіз. асобы, у т. л. і замежныя. У якасці І.і. могуць выступаць камерцыйныя банкі. І.і. павінен атрымаць спец. ліцэнзію, адпавядаць устаноўленым кваліфікацыйным патрабаванням, мець мінімальны неабходны статутны фонд. У выпадку аб’явы ін-та неплацежаздольным, усе працуючыя ў ім спецыялісты аўтаматычна пазбаўляюцца кваліфікацыйных атэстатаў і могуць прыступіць да такой работы ў інш. І.і. толькі пасля паўторнага атрымання спец. атэстата.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)